top of page
11.png

Пра вёску Слабодка

Наступным пунктам нашага падарожжа стала Слабодка — аточанае азёрамі мястэчка, над якім велічна ўзвышаецца касцёл Сэрца Езуса пачатку 20 стагоддзя. Мясцовы майстар упрыгожыў храм фрэскамі і выкаванымі з жалеза раслінамі.Нам здаецца, што людзей, якія будавалі тут паселішчы шмат стагоддзяў таму, настолькі моцна захапіла хараство гэтага краю, што яны і іх нашчадкі ўжо не змаглі з ім расстацца. Такое ж захапленне ахоплівае многіх.  Гэты краявід узнёслага, святочнага настрою, калі лінія далягляду перарываецца сілуэтам храма на ўзвышшы, надоўга застаецца ў памяці.Таму і нядзіўна, што вёска ўсё болей прываблівае аматараў адпачынку з розных краёў.

Асаблівую ўвагу мы аддалі этнаграфічнаму кутку бібліятэкі, які надаваў пакоям будынка ведаў нейкую проста хатнюю ўтульнасць. Высветлілася, што такія этнаграфічныя куточкі маюць амаль усе ўстановы культуры Браслаўшчыны.

У Слабодцы сельскі клуб нядаўна атрымаў статус Этнаграфічнага цэнтра. Хутка ў ім з’явіцца вялікая экспазіцыя, што распавядзе пра паўсядзённасць, а значыць — культуру нашых продкаў. Зараз работнікі новастворанай установы знаходзяцца ў пошуку цікавых экспанатаў. А ў Слабодцы кожны стары дом багаты на этнаскарбы.

Неўзабаве нас прадставілі галоўнаму краязнаўцу Слабодкі — настаўніцы геаграфіі і гісторыі мясцовай сярэдняй школы Валянціне Ходас. “Назва мястэчка ад слова “свабода”. Тут сяліліся вызваленыя ад павіннасцей вольныя майстры. На пачатку ХІХ стагоддзя, — адзначае Валянціна Ходас, — Слабодка была сапраўдным краем кавалёў, ганчароў, краўцоў...”

Дух вольнай творчасці, лічыць Валянціна Іосіфаўна, захаваўся ў вёсцы і да гэтай пары. Драўляныя скульптуры Пятро Зяляўскага ствараюць славу ўсёй Віцебшчыне. А выбітны майстар саломкапляцення Міхаіл Чэркас цудоўна малюе, піша вершы, музыку і з’яўляецца аўтарам гімна Слабодкаўскай школы, якая, між іншым, вядзе сваю гісторыю з 1843 года. Паглядзець на творы Міхаіла Баляслававіча прыязджаюць людзі з усяго свету. А нядаўна ён стварыў саламяную копію Слабодкаўскага касцёла.

Краявіды Слабодкі прыцягваюць, як магнітам, не толькі майстроў-рамеснікаў, але і паэтаў, журналістаў, мастакоў.

“Вабіць Слабодка сваімі азёрамі, прыродай, і таму прыязджаюць да нас творцы. Сапраўднае вольнае месца для вольных мастакоў,— кажа настаўніца. — І мяркую, што ў хуткім часе наша вёска ператворыцца ў моднае дачнае мястэчка”.

І сёння вёска не абдзелена ўвагай не толькі сваіх жыхароў ды творчых дачнікаў, але і турыстаў. “Прыязджаюць да нас паглядзець і на гару Мілосці — дзе раней мілаваліся салдаты і дзяўчаты. З яе вышыні адкрываецца захапляльны відарыс азёр Недрава і Поцех. Захаваліся ў нас з дагістарычных часоў сухое рэчышча Друйкі ды унікальны помнік прыроды Чортава яма — чашападобная ледавіковая ўпадзіна глыбінёй 20 метраў”. Валянцінай Іосіфаўнай і яе вучнямі распрацаваны дзвюхгадзінны маршрут для турыстаў па Слабодцы і яе ваколіцах.

Асабліва падабаюцца турыстам, распавядае настаўніца, легенды і паданні краю.

Мы вырашылі завяршыць падарожжа ў Слабодку… не ныраннем у Чортаву яму, а купаннем у адным з азёраў краю. Для гэтага было абрана з вялікай колькасці блакітных старажылаў возера Воласа, што славіцца сваёй незвычайнай прыгажосцю і чысцінёй. Знаходзіцца яно за 5 кіламетраў ад вёскі, і хоць знайсці да яго дарогу — справа не самая лёгкая, вынік пераўзышоў усе чаканні. У атачэнні лесу, празрыстае, дзівоснае, Воласа можа паспрачацца і перамагчы ў прыгажосці многія азёры Еўропы. Тым больш, што чысціня яго з’яўляецца фактам відавочным: у возеры водзяцца ракі.

 А яшчэ каля Слабодкі, паміж двума азёрамі Недрава і Поцех, цягнецца града. Гэта пагоркі, якія ўтварыліся, калі на тэрыторыю Беларусі прыйшоў ледавік. Зараз жа яны пакрыты лясамі, на іх стромкіх схілах растуць дзікія клубніцы. І па смаку, і па выглядзе яны адрозніваюцца ад садовых. Гэтыя ягады не сустракаюцца больш нідзе ў Беларусі і нават у Еўропе. Знайсці іх можна толькі ў некаторых раёнах Сібіры.

Падсілкаваўшыся дзікімі клубніцамі, можна выкупацца ў возеры Поцех. Вада ў ім, як і ў іншых браслаўскіх азёрах, дзіўнай чысціні і нібыта шаўковая. А на другім беразе

Смачныя клубніцы, ф.35, 2012          бачна  яшчэ адно гарадзішча —  

                                                           Масковічы.

Пра вёску Слабодка: Event
bottom of page