top of page

Славуты лекар Станіслаў  Нарбут

Бытуюць у краі і паданні, звязаныя з канкрэтнымі гістарычнымі асобамі. Найбольш іх звязана з імем славутага лекара С. Нарбута.У Браславе і наваколлі горада добра ведаюць імя доктара Станіслава Нарбута, хаця з часу яго смерці прайшло шмат гадоў. Гэты надзвычай цікавы неардынарны чалавек увасабляў у сабе гуманізм і дзелавую хватку, выключную працаздольнасць і міласэрнасць, жыццялюбства і высокае ўрачэбнае майстэрства, патрыятызм і самаахвярнасць. Імя доктара Нарбута акружана шматлікімі аповедамі і паданнямі, якія і зараз яшчэ можна пачуць ад старых людзей  Браслаўскага краю.

Пахаваны 15 сакавіка 1926 года на Замкавай гары ксяндзом Юзэфам Савіцкім. Пацыенты, жыхары Браслаўшчыны, ахвяравалі і зямельны ўчастак на Замкавай гары, і неабходныя грошы на будаўніцтва помніка.Доктар Нарбут любіў прыходзіць на Замкавую гару і адсюль любавацца маляўнічымі краявідамі. Пахавалі яго на тым месцы, дзе ён падоўгу сядзеў адзін. Казалі, што яшчэ пры жыцці доктар сам паставіў тут вялізны драўляны крыж. Ён спачатку і стаяў над магілай.Цяпер тут помнік.  На вяршыні помніка ўспыхнуў яркі агонь, выпраменьваемы 1000-ватнай лямпай, і гэта святло сімвалізавала ўрачэбнае гарэнне слаўнага сына беларускай зямлі. Гэта святло, як сапраўдны «факел Гіпакрата», сёння зноў гарыць над Браславам, і яго зноў можна ўбачыць са шматлікіх азёр і ўзгоркаў, якія акружаюць беларускі горад.

Казалі, што пад помнікам зроблены склеп. Склеп выклалі з чырвонай цэглы, якая засталася ад будаўніцтва бальніцы. Побач з труной стаіць стол, на якім расстаўлены лекі. Яны дапамагаюць ад усіх хвароб. Ёсць там таксама кніга рэцэптаў. У ёй доктар запісваў рэцэпты самых лепшых лекаў. Шмат гадоў Нарбут шукаў рэцэпт мікстуры, якая б дазволіла рабочаму чалавеку жыць да 100 гадоў, не хварэць і доўга не старэць. Нібыта рэцэпт такой мікстуры доктар Нарбут склаў перад смерцю, але нікому не паспеў перадаць. Можа, гэты рэцэпт упісаны ў кнігу, што ляжыць у склепе. Хто ведае…

 Гэта легенда з'явілася адгалоскам таго вялізнага аўтарытэта, якім карыстаўся доктар сярод насельніцтва.

Славуты лекар Станіслаў  Нарбут: Новости
bottom of page